Прыпеўкі з народнымі параўнаннямі
Прыпеўкі з народнымі
параўнаннямі
Аляксей Якімовіч
Я адна цяпер у хаце.
Год не бачыла дачку.
Вельмі весела жывецца:
Нібы рыбцы на кручку.
Каля хаты лесніковай
Збан гліняны на кале.
Не дае разводу жонка.
Я як муха на смале.
Сядзіць мілы, уздыхае,
Ногі звесіў з ложка.
Цэлы дзень яго кармлю,
А ён худы, як дошка.
Брат нядаўна гасцяваў,
Мне сказаў, што ў Фёклы.
Нешта здарылася там:
Ходзіць, як абмоклы.
Мілага чакаю
Днямі і начамі.
Не спяшаецца мой мілы,
Едзе, як з гаршкамі.
Станцаваў мой мілы
Танец “Казачок”.
Цяпер не нагнецца,
Ходзіць, як цвічок.
Да мяне жаніх прыехаў,
У банцы прывёз рыбку.
Яго часта ўспамінаю:
Абабраў, як ліпку.
Кавалера я займела.
Мне сказаў, што халасцяк.
Пад дажджом з ім пастаяла.
Увесь абмок ён, як масляк.
Я да мілай на спатканне
Іду ўзброены, з вядром:
Абыходзіцца з ёй трэба
Асцярожна, як з агнём.
На градзе расце капуста,
Ля капусты расце мак.
Цуглі міламу купіла:
Борзды мілы, як рысак.
Жартам мілага штурхнула
Я ля магазіна.
Не ўтрымаўся мілы мой,
Зваліўся, як націна.
З сумкамі вялікімі
Я цягнуся ў магазін.
Адкарміла мілага:
Гладзенькі, як лін.
На кусціку ягадаў
Засталася жменька.
З дзедам, мабыць, развядуся:
Глухі, як апенька.
Глядзіць цешча на нявестку
І ўсё болей хмурыцца:
Маладзіца на градзе
Грабецца, нібы курыца.
На пагорачку сасна,
У сасны іголкі.
У нашай хаце дзеці
Гудуць, нібы пчолкі.
Свайму міламу сказала:
-- Хачу жыць, як у казцы.
Напалохала яго:
Дрыжыць, нібы ў трасцы.
Узлавалася: стаю
І вачамі бліскаю.
Замуж мілы не бярэ,
Гуляе, нібы з мышкаю.
Ёсць у кожнага свой лёс,
Па-іншаму, доля.
Пра мяне ўсе людзі кажуць:
--Дзеўка, як таполя.
Доўга Яначка хваліўся,
Ля суседкі сеўшы.
Калі ж цешча падышла,
Змоўк, як мыла з’еўшы.
Каля хаты расце ружа,
За хатай – маліннік.
У маёй сям’і жыццё
Ідзе, нібы гадзіннік.
Не кахаю свайго мужа:
Ён вельмі паганы.
Калі з хлопцам пастаю,
Крычыць, як апантаны.
Укусіў мяне камарык,
Забалела спінка.
Да мяне бяжыць мой мілы
Лёгкі, як пярынка.
Напякла б мужу бліноў –
Забалела галава.
Ён ляжыць, не падыходзіць,
Пазірае, як сава.
На стале блішчыць агонь:
Дагарае свечка.
Свайго мілага цаню:
Пакорны, як авечка.
Комментарии
Отправить комментарий