Вершы. Прырода беларускага краю
Вершы. Прырода беларускага краю
Аляксей Якімовіч
У
садзе імяніны
Дзівосная пара.
Вішнёвы сад расцвіў.
Ён, імяніннік, шпакоў
У госці запрасіў.
Сядзяць на вішнях,
Стараюцца, спяваюць,
Святочны сад
У песні праслаўляюць.
Ідзе вясна,
Упэўнена ступае.
Прырода цешыцца,
Красуе, ажывае.
Дажджынкі цёплыя
На сад упалі
І разам са шпакамі,
Прашалясцеўшы, заспявалі
Пра шчасце дарагое,
Пра шчырае каханне,
Пра наша першае
Нясмелае спатканне.
У кожнага яно было.
Натхняла, акрыляла
І над зямлёю на імгненні,
Як птушак, прыўзнімала.
Не адчуваючы зямлі,
Ляцелі мы дамоў
Пад пералівы зграбных
І даверлівых шпакоў.
Спявай, шпачок
Мой мілы, галасісты.
У садзе імяніны.
Дзень слаўны, урачысты.
Аляксей Якімовіч
Восень ідзе
Гучна гудзіць вецер:
Восень ужо ідзе.
Срэбраныя ніткі
Павучок прадзе.
Ловяць іх галінкі,
Ля сябе трымаюць,
У далёкі вырай
Іх не адпускаюць.
Рвуцца павуцінкі,
Не хочуць тут вісець.
З птушкамі за мора
Імкнуцца паляцець.
2022 год
Аляксей Якімовіч
Зязюля кукуе
Кожны год зязюля
Да нас прылятае.
Стараецца, кукуе,
Доўга жыць жадае.
“Ку-ку” ў лясочку
Песенькай нясецца,
На лужку зялёным
Рэхам аддаецца.
Стаю, як заварожаны,
Часам уздыхаю,
Ад зязюлькі шэрай
Цуду я чакаю.
Кукуй, наша зязюлька,
Лічы нам гадочкі.
Пасля сну зімовага
Разбудзі лясочкі.
2022 год
Аляксей Якімовіч
Свеціць сонейка
Свеціць з неба сонейка,
Росачкі збірае,
Хмаркі белагрывыя
Імі напаўняе.
Пацяжэлі хмаркі,
Віснуць над зямлёю,
Утварыўшы ў небе
Возера з вадою.
Сонца яшчэ свеціць,
Дзівіцца, смяецца.
Ведае, што возера,
Плюхнуўшы, пральецца.
Дожджыкам вясёлым
Пырсне на палеткі,
Памочыць травіцу
І на лузе кветкі.
Ручаёчкі жвавыя
У лагчыну панясуцца,
Неўзабаве там усе,
Як адзін, збяруцца.
Свеціць з неба сонейка,
Росачкі збірае.
Спёкай дыхае зямля,
Дожджыка чакае.
2022 год.
Аляксей Якімовіч
Надзея
Пастрасала восень лісце,
Адышла з дажджамі.
Падкрадаецца зіма
Цёмнымі начамі.
Кружацца сняжынкі,
Выбіраюць сабе шлях.
Да зямлі не далятаюць,
Растаюць у маіх грудзях.
Над палямі вецярок
Цешыцца, гуляе.
Сівы іней на балоце
Траву засцілае.
Па зямлі цвёрдай ступаю.
Абнімае халадок.
А ў вушах, зімой прысланы,
Хрумсціць тоненькі лядок.
Вясна прыйдзе і сагрэе:
Сонца слухае яе.
Вясна-матухна надзею
Прысылае нам, дае.
2022 год.
Аляксей Якімовіч
Мароз сакавіцкі…
Мароз сакавіцкі
Холадам
дыхнуў,
Возера ля лесу
Лядком зацягнуў.
Засвяціла сонца.
Заблішчэў лядок.
Цешыцца, смяецца
З сонца халадок.
Прыляцела качка.
Тут жыла заўжды.
Плавала, гуляла,
Не ведала бяды.
Хочацца спусціцца,
Хочацца паплыць.
Лядок не пускае,
Нібы сталь, блішчыць.
Узнялася качка,
Набрала разгон,
Каменем упала.
І пачуўся звон.
Зазвінеў і трэснуў
Тоненькі лядок.
Скурчыўся, уздыхнуўшы,
Дужы халадок.
Рэжа ваду качка.
Сонейка ўсміхнулася.
Залатымі промнямі
Да птушкі дакранулася.
Тонкі, тоненькі лядок
Ззаду застаецца.
Плыве качка па вадзе.
Качка не здаецца.
2022 год.
Аляксей Якімовіч
Снег ідзе
З неба падаюць сняжынкі,
Дружна кружацца, ляцяць.
Мне здаецца: усю прастору
Хочуць холадам абняць.
Снег ідзе, ідзе, ідзе.
У садку гарой расце.
На галінках павуцінкі
Свае белыя пляце.
Наваколле анямела,
Прытаілася, маўчыць.
Каля берага рачулкі
Лядок тоненькі блішчыць.
2022 год
Аляксей Якімовіч
Лета
Лета, лета, лета
З хмаркамі гуляе.
Кажу мілай Ганне:
-- Дзянёк прыбывае.
Лета, лета, лета,
Будзь з намі даўжэй,
Цеплынёй і ласкай,
Лета, нас сагрэй.
Кветкамі ў садочку
Лета расцвітае.
Кажу мілай Ганне:
-- Нам яно спрыяе.
Сустракае лета
Шчодрымі дажджамі.
Кажу мілай Ганне:
-- Будзем мы з грыбамі.
Па лугах зялёных
Лета з касой ходзіць.
Кажу мілай Ганне:
-- Ураджай уродзіць.
Аздабляе лета
Поле каласамі.
Кажу мілай Ганне:
-- Будзем з пірагамі.
Заплятае лета
Вогненныя косы.
Блішчаць на травінках
Срэбраныя росы.
Лета, лета, лета,
Будзь з намі даўжэй,
Цеплынёй і ласкай
Беларусь сагрэй.
2022 год.
Аляксей Якімовіч
У маёй краіне
Сонца
ярка свеціць,
Дзверы адчыніла,
Вясну-прыгажуню
У госці запрасіла.
Жаданая госця
У маёй краіне.
З пірагамі сустракайце
Яе гаспадыні.
Птушачкі нябесныя,
Вясну сустракайце,
Песенькай вясёлаю
З раніцы вітайце.
Над узараным полем
Парок прыўзнімаецца.
Дыхае зямелька.
Спала, абуджаецца.
Булькаюць крынічкі,
Цякуць ручаінкі,
Лозка цягне ўгору
Гнуткія галінкі.
Клейкія лісточкі
Дрэвы аздабляюць,
У гняздзечках, як у хатках,
Птушанят схаваюць.
Выбег з лесу зайка,
Прысеў, пазірае,
Лапкаю старанна
Вочкі затуляе.
Коле ў вочкі
сонца,
З зайчыкам гуляе.
Край мой беларускі
Вясну сустракае.
“Жавароначкі,
ляціце!” –
Над краінай
льецца.
Свеціць сонца з
неба,
Цешыцца, смяецца.
2023 год.
Комментарии
Отправить комментарий