Язычніцкі бог Ярыла
Язычніцкі бог Ярыла
Аляксей Якімовіч
Бог вясновага сонца
Дзве сілы ёсць:
Святло і цемра.
У плямах свет,
Нібыта зебра.
Некалі з цемры
Паўстаў Чарнабог.
Светлым тварэнням
Ён шкодзіў як мог.
Неяк зямное жыццё
На ключ замкнуў
І ў царстве падземным
Улёгся, заснуў.
Чорныя моцы
Носяцца ў цемры, гуляюць.
Зямлю марозяць,
Сняжком пакрываюць.
Сумуюць людзі,
Вясну чакаюць.
Не йдзе вясна.
Завеі завываюць.
Лютуюць, выюць,
З людзей смяюцца,
Праз дзверы, вокны
У хаты рвуцца.
Сын Каляды – Ярыла-бог --
На снопе жытнім нарадзіўся.
Калі падрос і падужэў,
Да Чарнабога апусціўся.
Каб злому Чарнабогу
Бой там даць,
Ключы зямныя
У яго забраць.
І адчыніць жыццё,
Каб уваскрэсла, красавала,
Каб людзям, птушкам і звярам
Святло, цяпло давала.
У нетрах скрыжаваліся мячы.
Бой распачаўся.
Уздрыганулася зямля.
Сусвет закалыхаўся.
Адолеў злога Чарнабога
Юнак Ярыла.
Не падвяла яго
Вялікая зямная сіла.
Ключы чароўныя забраў,
Іх з пояса сарваўшы,
А потым на каменьчыкі,
У жменю іх узяўшы,
Дзьмухнуў штосілы.
Жаўрукамі каменні сталі.
Увысь яны ўзняліся
І над зямлёю заспявалі.
Багіня Жыва-Каляда
Пасланцоў Ярылавых чакала.
“Сыночак адамкнуў жыццё!” --
З палёгкай прашаптала.
Так, адамкнуў.
Даў волю ён зямлі.
Ільдзіны слязой халоднай
З узгоркаў пацяклі.
Пупышкамі вясельнымі
Вярбіначка ўвабралася.
Цемра беспрасветная
Згінула, схавалася.
Журавы на трубах граюць,
Жаўрукі звіняць, спяваюць,
Сонцатварага Ярылу
Славяць і вітаюць.
2022 год.
Аляксей Якімовіч
Ярыла-агонь
І ў далёкія часы
Сонейка свяціла,
Ласку шчодрую сваю,
Зямлю грэючы, дарыла.
Калі ж ноччу ішло спаць,
Цемра паўставала.
Злая сіла, як адна,
З процьмаў выпаўзала.
Лесавік па лесе
Як цень, вандраваў.
Чалавека не баяўся.
Што шалёны, нападаў.
Вадзянік з вады вылазіў.
Ён дзяўчатак пільнаваў.
Жабурэннем іх накрыўшы,
Забіраў, на дне хаваў.
Як начніцы, ведзьмы ў ступах
Па-над хатамі ляталі.
Моцна крыўдзілі людзей.
Чэрці ім дапамагалі.
Дальбога нашы людзі
Сталі клікаць і маліць,
Каб і ноччу ад злых моцаў
Іх прыйшоў абараніць.
Пан Дальбог пачуў маленне.
Ён Ярылу загадаў,
Каб спусціўся на зямлю,
Лютых моцаў пакараў.
Выканаў загад Ярыла:
Святым агнём запалаў,
Сілы цемры разагнаў,
Цяпло людзям даў.
Багатым, светлым
Жыццё стала,
Як чорная сіла
Згінула, прапала.
А Ярылу-агонь
Багачом назвалі.
Паняслі па хатах,
На таку паклалі.
Галінкамі вярбовымі
Падсычвалі яго,
Бераглі як роднага,
Як блізкага, свайго.
З тае казачнай пары
З Багачом сябруем.
Цеплыню Багач дае,
Ад злых сіл ратуе.
2022 год
Купала
Ёсць у людзей загана:
Лянота ў іх бывае.
Вельмі часта такі грэх
Жыць перашкаджае.
Пра агонь-багач, які грэў,
Людзі сталі забывацца.
Не падсычвалі галінкамі:
Надакучыла ўвіхацца.
Крыўдна стала Багачу.
Ён людзей пакінуў.
З хат людскіх пайшоў
І бясследна згінуў.
Яшчар – злосны бог зімы –
Красуняй абярнуўся,
Падсцярог Ярылу-багача,
Прыязна ўсміхнуўся.
Потым песняю прывабіў,
Чароўна заспяваў.
На дно мора запрасіўшы,
Да скалы там прыкаваў.
Сядзяць людзі ў хатах.
Холадам падзьмула.
Цемрач страхалюдная
Да зямлі прыгнула.
Апякунка Рада
Людзей пашкадавала:
Як Ярылу вызваліць,
Вешчунам сказала.
Па загаду вешчуноў
Людзі жэрдку адшукалі,
На яе канцах
Папярэчыны прывязалі.
Узяўшыся за іх, сюды-туды
Па дрэвіне цягаюць,
Крыжавіннем з Ярылы
Яшчураў зарок знімаюць.
Закурэўся дымок,
Агонь палыхнуў.
Выйшаў Ярыла з процьмы,
Святым агнём дыхнуў.
Цяпер Ярылу-багача
Купалаю назвалі.
Бо ў моры пакупаўся,
Калі вызвалялі.
Кастры распалілі,
Агнём грэх ачышчалі
І, Купалу славячы,
Святочныя песні спявалі.
2022 год
Комментарии
Отправить комментарий