Вершы з гумарком
Вершы з гумарком
Аляксей Якімовіч
Вясёлы верш
Жартам сказанае слова
Цешыць, забаўляе
І ў нялёгкую хвіліну
Настрой паднімае.
Зараз гэта мы праверым,
Пажартуем з вамі.
А каб стала весялей,
Патупаем нагамі.
-- Сядзіць мілы на канапе.
Мілага ўквяліла:
Папрасіўся пагуляць,
А я не пусціла.
-- Мая мілая сядзіць,
Цешыцца на сонцы.
Павучкі не дрэмлюць,
У хаце ткуць красёнцы.
Цэлы тыдзень працавалі.
Дык паскачам трошкі.
Патанцуйце, чаравічкі,
Патанцуйце ножкі.
-- Калі вечарам прыходжу,
Я ледзьве жывая,
Мілы з крыкам сустракае,
Рожкі настаўляе.
-- Я да міленькай іду
Ватнымі нагамі.
Да яе не падступіцца,
Бо яна з рагамі.
Цэлы тыдзень працавалі,
Але не стаміліся.
Калі музыку пачулі,
Танцаваць пусціліся.
-- Хаджу ў секцыю штодзень,
Боксам там займаюся.
Калі мілы падап’е,
Жорстка разбіраюся.
-- Ішла мілая па кладцы,
Упала, паслізнулася.
Як мачалка, мокрая
Да мяне вярнулася.
Самалётам мы ляцелі,
Але не стаміліся.
У госці нас паклікалі.
Там і прызямліліся.
-- Белай ручкай я махнула:
Адганяла муху.
Побач мілы мой стаяў –
Стукнула па вуху.
-- Сядзіць мілая на крэсле.
Вочкі шэрыя ў слязах:
Брудны посуд на стале
Вырастае, нібы гмах.
-- Мілы мой пайшоў у лес.
Там прысеў на мяккі мох.
Дзве гадзіны паднімалі
Майго мілага утрох.
-- Пайшла мілая ў лясок –
Моцна праслязілася:
Напалохаў яе заяц.
Дык з дарогі збілася.
Завітаўшы ў госці,
Паспявалі трошкі.
Патанцуйце, чаравічкі,
Патанцуйце, ножкі.
2022 год
Аляксей Якімовіч
Запрасіў
Бусел сена накасіў
І гняздо сабе зрабіў.
А як сонейка зайшло,
Жабу ў госці запрасіў.
Жаба цешыцца, увіхаецца,
Да бусла збіраецца.
Бант з куфэрачка дастала
І на шыю навязала.
Камары павыляталі,
На ўвесь голас закрычалі:
-- Туды ў госці не ідзі,
Лепей дома пасядзі!
Бусел дзюбай моцна б’ецца,
Пазбыткуе, пасмяецца.
Ён прымусіць клякатаць,
Па-буслінаму спяваць.
-- Хачу быць сама сабою, --
Пакруціўшы галавою,
Камарам жаба сказала.
Бант у куфэрачак схавала.
2022 год
Аляксей
Якімовіч
Госці
Завіталі да мяне
Вяльможныя госці:
Захацелася падняць
Градус весялосці.
Сядзяць мае госці
За сталом багатым.
А я адчуваю
Сябе вінаватым.
Мне здаецца, на стале
Не хапае сала
І каўбаскі з кумпячком
Бракуе, замала.
Гудзіць і трасецца
Драўляная хатка.
А ў куточку плача
Малое дзіцятка.
Галодныя куры
Пеўня абступілі.
Паляцеў ён да суседа,
Каб не пакацілі.
Свінні ашалелі:
Вішчаць і грызуцца.
Калі вылезуць з хлява,
У лясок панясуцца.
Расселіся госці,
Віно ў чаркі льецца.
Вясёлая песня
Рэхам аддаецца.
Завіталі да мяне
Вяльможныя госці.
Вёдрамі выношу
Я сабакам косці.
2022 год
Аляксей
Якімовіч
У агародзе агуркі…
У агародзе агуркі,
А на полі грэчка.
На вуліцы людзі,
На лузе авечка.
Плыве ў небе хмарка,
Зараз дождж пальецца.
Над яблыняй вецер
Хутка пранясецца.
Зелянее траўка,
Лашчыць наша вока.
Над хатаю буслік
Узняўся высока.
Вару я варэнне,
Хлеб купляю ў краме.
Я дапамагаю
Бабулі і маме.
Добрая адзнака
Радасць прыбаўляе.
Душу цеплынёю
Яна напаўняе.
2022 год
Аляксей Якімовіч
Абагнаў
Прыехаў я на дачу,
Там папрацаваў.
Увечары здалося:
Старасць абагнаў.
Я не памыліўся.
Старасць ззаду засталася.
Ды не хоча адпускаць:
Даганяе, не здалася.
Усё бяжыць яна за мною,
Зусім не адстае
І галёкае што сілы:
“Мы даўно свае.
Парадніліся з табою,
Сто балячак маем.
Не каханне, не спатканне –
Пенсію чакаем.
Не бяжы, прысядзь на лаўку,
Адпачні ў цяньку.
Бачу: моцна забалела
Табе у баку”.
Я бягу, бягу, бягу,
Шырока ступаю.
Ад назойлівай бабулі
Як мага ўцякаю.
Людзі дзівяцца, глядзяць,
Не ведаюць, што сталася.
Летнім вечарам на вуліцы
Нямала іх сабралася.
Не дагнала мяне старасць.
Войкнула і стала.
Музыкай ў вушах гучыць:
“Стамілася, адстала”.
2025 год
Комментарии
Отправить комментарий