Вершы патрыятычнай тэматыкі
Вершы патрыятычнай тэматыкі
Аляксей Якімовіч
Параніла хлопца…
Параніла хлопца
Варожая куля.
Чырвонаю стала
На грудзях кашуля.
Сябры адступілі,
Адцясніў іх вораг.
Імгла прад вачыма
Сцелецца, як порах.
Зялёныя лісточкі
Яна затуляе,
На іх наглядзецца
Яму не дазваляе.
Затуляе неба,
Затуляе кветкі.
Затуляе мілыя
Родныя палеткі.
Куст лазовы на балоце,
Ля ракі жоўты пясок,
Сад цяністы каля хаты
І на полі каласок.
І сцяжынку, што ад лесу
Праз лужок яго вяла
Да любімае матулі,
Да надзейнага крыла.
Хутка ёй сябры раскажуць,
Што ён смела ваяваў.
Пакуль сілы не растраціў,
Край дзядоў абараняў.
Злая куля прыляцела,
Сілу адабрала,
Каля дуба маладога
Яго напаткала.
Цішыня стаіць, застыла,
Анямела наваколле.
А дубочак малады
Затуляе гнуткім голлем.
Раптам птушка закрычала,
Чыйсьці голас прагучаў:
“Ён жывы!.. Сюды падпоўз!
А вунь там ляжаў!”
Мова родная, свая!
Землякі прыйшлі, шукаюць.
Не пакінулі ў бядзе.
Вось так край абараняюць!
2022 год
Аляксей Якімовіч
Абараняй
Ёсць сваё, а ёсць чужое.
Цані чужое, паважай.
Сваё, спрадвечнае
Не аддавай, абараняй.
Абараняй сваю зямліцу.
Яна прыносіць ураджай.
Калі паклонішся ёй нізка,
Спячэш духмяны каравай.
Абараняй свае малітвы –
Веру даўнюю дзядоў.
Няхай твой дух яна мацуе,
Няхай прыводзіць да сяброў.
Абараняй культуру, мову.
Яе Пан Бог калісьці даў.
Людзей сваяцкіх, блізкіх,
Як у сям’і, Ён аб’яднаў.
Абараняй свае будынкі.
Яны – куток утульны твой.
Туды вяртаешся з дарогі,
Там вымаўляеш слова “мой”.
Абараняй сваю сямейку.
Сям’я – апора і надзея.
Як завірыцца на дварэ,
Яна цяплом сваім сагрэе.
Абараняй слабых, нямоглых,
Словам крыўдным не карай
І поглядам вачэй халодных
Ніколі іх не абпякай.
Абараняй тыя законы,
Якія шчасце ўсім нясуць.
Няхай яны ў маёй краіне
Хлусню ад праўды адсякуць.
Хай багацеюць нашы людзі.
Няхай квітнее родны край.
Праменьчык светлы, добры
Нам, сонца, з неба прысылай.
2022
Аляксей Якімовіч
На вайну
Іду сёння на вайну,
Бо люблю краіну.
Каля хаты пакідаю
Тонкую рабіну.
Налятае вецярок,
Галінкі гайдае,
З тоненькай рабіны
Слёзы асыпае.
На траве зялёнай
Яны заблішчалі.
Доўгія травінкі
Ціха застагналі.
Туліцца да хаты
Тонкая рабіна.
Вецярочак прагудзеў:
“Мая сіраціна!”
Паляцеў кудысьці.
У яго свая доля:
Шырокае поле,
Нястрымная воля.
Бліснула на ўсходзе,
Неба затрашчала.
Страла агнявая
Каля вёскі ўпала.
Полымя чырвонае
Над хатамі ўзнялося.
Вусны прашапталі:
“Вось і пачалося!”
Наступае вораг
На маю краіну.
Будзем бараніць мы
Хаты і рабіну.
2022 год
Аляксей Якімовіч
Дазволь, Беларусь…
Дазволь,
Беларусь,
Да цябе прытуліцца,
З крынічкі гаючай
Вадзіцы напіцца.
Дазволь, Беларусь,
Пабыць разам з табою.
Дазволь любавацца
Тваёю красою.
Мяне ты, як сына
Свайго, гадавала,
У часіну ліхую
Сабой затуляла.
Я помню, Радзіма,
Бацькоўскую хату,
Травінкі ля ганка,
Духмяную мяту.
Я помню, Радзіма,
Як пчолкі звінелі,
Як гусі вясною
У небе ляцелі.
З цяплом ты, Радзіма,
Іх клін сустракала,
У азёрах утульных
Прытулак давала.
Я помню, Радзіма,
Чароўны буквар
І мамін шчаслівы
Прасветлены твар.
Я помню бярозу,
Што голлем гайдала,
На мове народнай
Мне песні спявала.
Бягу басанож
І, шчаслівы, гукаю,
Імклівае лета
З табой сустракаю.
Пясок пад нагамі,
Як прысак, гарачы.
Плыве над ракою
Мой голас дзіцячы.
Дазволь, Беларусь,
Да цябе прытуліцца
І ў сонечным храме
Дазволь памаліцца.
2023 год.
Комментарии
Отправить комментарий