Вершы, прысвечаныя блізкім
Вершы, прысвечаныя блізкім
Аляксей Якімовіч
Май
Прысвячаю дзеду Аляксандру і
бабулі Марысі.
Квітнее май.
Бэз расцвітае,
Майго дзядулю
З вайны чакае.
Чакае рэчка,
Лужок зялёны,
Стаяць, чакаюць
Ля вёскі клёны.
Чакае поле
І лес сасновы.
Іржой пакрыўся
Плужок сталёвы.
І мне здаецца:
Ідзе мой дзед.
Ламлю галінкі,
Раблю букет.
-- Унук, не трэба, --
Кажа бабуля. –
Дзеда дагнала
У змроку куля.
Ля мора сіняга
Твой дзед упаў,
Зямлю чужую
Рукой абняў.
Прыходзіць май.
Прыходзіць свята.
Не павіншую я
Майго салдата.
З вачэй бабулі
Цякуць слязінкі,
На родным твары
Даўно маршчынкі.
Слёзы глытае
Мая бабуля.
Дзед не вярнуўся:
Дагнала куля.
Квітнее май.
Бэз расцвітае.
Шпак ля шпакоўні
Свішча, спявае.
2022
Аляксей Якімовіч
На лясной паляначцы
Прысвячаю дзеду Аляксандру і бабулі
Парасі, расстраляных фашыстамі ў 1941
годзе.
На паляначцы лясной
Птушкі выцінаюць,
Нараджэнне, новы дзень
Радасна вітаюць.
У траве гараць суніцы.
Іх я не збіраю:
Ля сасны шурпатай
Стаю і разважаю.
Бачу дзеда і бабулю,
Галасы іх чую.
Выціраю са шчакі
Слязіначку скупую.
-- Чаму нас злыдні прывялі?..
За што мучаць?.. Не маўчы!
Сонца свеціць, зіхаціць…
Я ж стаю, як уначы.
Апусціла жонка вочы,
Адказу чакае.
Па хваінцы тонкай
Смала паўзе, сцякае.
-- Людзі выбралі мяне…
Быў я дэпутатам…
Скрыва пазірае
Чужынец з аўтаматам.
-- Без нас застануцца
Нашы Ваня, Коля.
Завіхурыць іх
Нядобрая доля.
-- Не прападуць, пражывуць…
Былі яны са мною…
-- Ніколі не сустрэнем
Іх разам з табою?
Уздыхнуўшы, жонка
За руку ўзялася.
Вось каб птушкаю цяпер
Увысь яна ўзнялася!
Пясок валіцца пад ногі:
Яму паглыбляюць.
На паляначцы сунічнай
Птушкі выцінаюць.
Вунь дарога, вядзе ў вёску,
А там людзі свае…
Нехта з іх даносы піша,
У гестапа здае.
-- Нашы хлопцы спраўныя,
Але сэрца баліць.
Паляцела б у хату,
Каб абняць, пакарміць.
-- Дзед насупраць жыве.
Дапаможа, прыйдзе.
Дзетак ён падтрымае,
Не пакіне ў бядзе.
Ногі босыя топчуць
Белаваты пясок,
Пакідаюць адбітак…
У яму ўпадзе слядок.
-- Слухай, мілы, каханы!
Зязюлька кукуе!
Загадаю жаданне…
Мо яна нас пачуе.
Папрашу, каб гадочкі
Нашы тут палічыла.
Людзі вераць… У зязюлек
Чарадзейная сіла.
Прагучала каманда…
Кулі джаляць, ляцяць…
Перастала зязюля
У бары кукаваць.
Я стаю ля сасны,
Размаўляю я з ёю.
Яна ў тыя гады
Тут была маладою.
2022
З кнігі “Эльдарада просіць дапамогі”.
Выдадзена ў выдавецтве “Беларусь”.
Якімовіч, А. М. Эльдарада просіць дапамогі : прыгодніцка-фантастычная аповесць, аповесці-казкі, вершы / Аляксей Якімовіч . – Мінск : Беларусь, 2023. – 487 с.
Комментарии
Отправить комментарий