Вершы. Мы беларусы
Вершы. Мы беларусы.
Аляксей Якімовіч
Працавіты беларус
Ляціць,
кружыцца жаўрук,
Песеньку спявае.
Працавіты беларус
Поле засявае.
Палье зямлю дожджык –
Вырасце пшаніца.
Каравай духмяны
Спячэ маладзіца.
У бары сасновым
Зязюля кукуе.
Працавіты беларус
Дом сабе будуе.
Высокія сцены
Падмурак трымае.
Як грыбок у лесе,
Домік падрастае.
Хмаркі праплываюць,
Грэюцца вароны.
Працавіты беларус
Косіць луг зялёны.
Сонца прыўзнялося,
Стаіць над ракою.
Наваколле пахне
Свежаю травою.
Павучок на павуцінцы
З ветрыкам лятае.
Працавіты беларус
Гасцей сустракае.
Бубен б’е заўзята,
Скрыпка выцінае,
На вясёлы танец
Баян запрашае.
У небе кружыцца жаўрук,
Крыльцамі махае.
Працавіты беларус
Усюды паспявае.
2023 год
Аляксей Якімовіч
Мой род
І ўлетку, і ўзімку
Я крочу дамоў.
Мой род старажытны
Тут жыў шмат гадоў.
Зямлю ён араў,
На ёй сеяў зярняты,
Сярпочкам зжынаў
Ураджай свой багаты.
Тут скрыпка гучала,
Гармонік іграў.
Мой род у святліцах
Вяселлі спраўляў.
Калі ж вораг прагны
Прыходзіў з бядою,
Мой род не скараўся,
Уставаў грамадою.
Мой род з ласкі Бога
Тут мову стварыў,
У часінку сівую
На ёй гаманіў.
Ля рэчкі імклівай
Тут мова гучала,
З жанчынамі ў полі
Прыгожа спявала.
Ляцелі імгненні,
Міналі гады.
Мой род не старэў,
Быў заўжды малады.
Мой род, маё шчасце,
Табой ганаруся,
Стаю прад бажніцай
І шчыра малюся.
За нашу крынічку,
За родную мову,
За луг аксамітны
І нашу дуброву.
На вуснах малітва,
У душы цеплыня.
Мой род, не згінайся.
Зямля тут твая.
2023 год.
Аляксей Якімовіч
Я ў правінцыі жыву…
Я ў
правінцыі жыву,
Я тут нарадзілася,
У царкве вясковай
З мамай памалілася.
Памалілася за блізкіх
І за вёсачку сваю.
Перад ёю на каленях
Я стаяла і стаю.
Я ў правінцыі жыву.
Сонца тут ўзнімаецца.
Тут Радзіма – Беларусь –
Мая пачынаецца.
Вецярочак тут лагодны,
Як каханы, даганяе,
Лашчыць ручанькі і ногі
І за плечы абнімае.
Тут сцяжынкі я таптала
Разам з сонцам па расе.
Тут з сяброўкамі гадала,
Ці лёс шчасце прынясе.
Тут на поле я хадзіла,
Працавала на зямлі.
Мне здаецца, што заўсёды
Адчуваю пах раллі.
Тут з рачулкай сябравала,
Плыла смела на той бок,
Дзе пад летнім сонцам грэўся
Залацісты беражок.
Тут падкоўкай лес цягнуўся.
З братам ягадкі збірала.
Непрыкметная зязюля
Для мяне тут кукавала.
Словы даўняй Беларусі
Ад старэйшых тут пачулі.
Тут сярпочак выгінасты
Мне дастаўся ад бабулі.
Дасталіся песенькі.
Цешаць, забаўляюць,
У прасторнай хаце
Нас яны збіраюць.
Мой сынок тут узмужнеў,
Да мяне спяшаецца.
Тут Радзіма – Беларусь –
Крочыць, выпрамляецца.
Не сяджу я склаўшы рукі.
Райскі сад ствараю.
Прыязджайце падзівіцца.
Шчыра запрашаю.
2024 год
Аляксей Якімовіч
Не перавядуцца
Туман сцелецца над рэчкай,
Сцежачкі хаваюцца.
Хлопец і дзяўчына
За рукі трымаюцца.
За рукі трымаюцца,
У каханні прызнаюцца.
Беларусы на зямлі
Не перавядуцца.
У беларусаў каля хат
Кветкі расцвітаюць.
Беларусы у краіне
Парадак ствараюць.
Беларусаў у чужых землях
Цэняць, паважаюць,
Як жаданых, дарагіх,
У сябе прымаюць.
Беларускі селянін
Працы не баіцца.
Яго клічуць луг і поле.
У хаце не сядзіцца.
Беларусы косяць,
Сеюць, даглядаюць,
Восенню багаты
Ураджай знімаюць.
У гарадку раённым
“Дажынкі” адзначаюць,
Танчаць і спяваюць,
Сябе забаўляюць.
Па ўсім наваколлі
Нашы песні льюцца.
Беларусы на зямлі
Не перавядуцца.
Не чакайце гэтага,
Паночкі-зладзеі.
Беларусы ў Беларусі
Шукаюць надзею.
Беларусаў
як паклічу,
У мяне збяруцца.
Беларусы на зямлі
Не перавядуцца.
2024 год
Комментарии
Отправить комментарий