Вершы пра каханне. Песенька.
Вершы пра каханне. Песенька.
Аляксей Якімовіч
Песенька
Сядзіць
хлопец ля ракі,
На скрыпачцы грае,
Для каханае дзяўчыны
Песеньку складае.
Салавейка прыляцеў,
Стаў дапамагаці:
Для каханае дзяўчыны
Песеньку складаці.
Ён зашчоўкаў, засвістаў,
Сеўшы на вярбіне.
Зялёненькі конік
Затрашчаў у даліне.
З вады выглянула рыбка,
Моўчкі пазірае:
Пра вялікае каханне
Скрыпка вымаўляе.
Хвалькі не стрывалі,
Дружна заскакалі,
З маленькаю рыбкаю
Разам станцавалі.
Гучыць гімн каханню,
Над ракою льецца.
Сонца косы апусціла,
Цешыцца, смяецца.
Вербачка густая
Ціхенька ўздыхае,
Гнуткімі галінкамі
Хлопца абнімае.
Каля рэчкі над вадою
Скрыпачка іграе,
Беларускую дзяўчыну
Яна праслаўляе.
2023 год
Аляксей Якімовіч
Прываражу
Ззяе ў небе сонца.
На траве ляжу.
Не ўцячэш, каханая:
Я прываражу.
Пах духмяны травы
Мне душу напаўняе.
Бачу казачны сон:
Твая постаць мільгае.
Усё бліжэй і бліжэй…
Твае вочы цалуюць.
А ў бары на гары
Дзве зязюлі кукуюць.
Зычаць шчасце яны,
Не шкадуюць гадоў.
Цвіце кветкамі май.
Час кахання прыйшоў.
Паляжы ля мяне
На шаўковай траве.
Няхай ветрык лагодны
Сарамлівасць сарве.
Яблык райскі, салодкі
Мы ўкусілі з табой.
З грудзей песенькай льецца:
-- Ты мая, а я – твой.
Каб была заўжды побач,
Каб не ўпала слязой,
Прыгалублю, утрымаю
Дзіўнаю варажбой.
Мы ляжым на траве,
Коскі сонца цалуюць.
А ў бары на гары
Дзве зязюлькі кукуюць.
2023 год
Аляксей Якімовіч
Ідзе, ідзе дожджык…
Ідзе, ідзе дожджык,
Зямлю палівае.
А дзяўчына маладая
Слёзы пралівае.
Слёзы пралівае,
Ціха вымаўляе:
-- Мы ж з табой хадзілі,
Сцежачкі тапталі,
Раніцу святую
Разам сустракалі.
Абнімаў мяне ты,
Называў рабінкай,
Нібы ў казачцы, ствараў
Светлыя хвілінкі.
У марах мы ляталі,
Як птушачкі вясною.
Думала, што дзетак
Вырасцім з табою.
Я хацела хлопчыка,
А яшчэ дзяўчынку.
Іх ты называў бы:
“Дочачка і сынку”.
Учора на спатканне
Не прыйшоў ты, мілы.
Ледзь дайшла дахаты,
Ледзь хапіла сілы.
Можа, надакучыла
Ці не дагадзіла.
Можа, горкім зеллем
Цябе напаіла.
Ідзе, ідзе дожджык,
Зямлю палівае.
Хтосьці стукнуў у сенцах,
Дзверы адчыняе…
Ён, яе каханы,
Стаіць на парозе.
Охнула дзяўчына,
Быццам у знямозе.
Да яе ідзе ён,
Глядзіць вінавата.
Расцвітае хата.
У цёплай хаце свята.
Ідзе, ідзе дожджык,
Зямлю палівае.
Стаіць хлопец ля дзяўчыны,
Слёзкі выцірае.
2023 год.
Аляксей
Якімовіч
Пратапчы сцяжынку
Стаю і
ўздыхаю.
За акном хмурынка.
Пратапчы сцяжынку,
Мілая дзяўчынка.
Ля дзвярэй сустрэну,
У губкі пацалую
Самую прывабную
Ягадку зямную.
Сонейка не бачу.
Плыве аблачынка.
Пратапчы сцяжынку,
Мая залацінка.
Ёсць у мяне багацце:
Шчырае каханне.
Яно кветкамі ўпрыгожыць
Першае спатканне.
За акном падзьмула.
Плыве аблачынка.
Пратапчы сцяжынку,
Мая палавінка.
Будзь маёй надзеяй,
Пасядзі са мною,
Прыгажосцю асляпляй,
Чаруй дабрынёю.
Стаю, пазіраю.
У думках я з табою.
Не хачу, каб сцежка наша
Зарасла травою.
2023 год.
Аляксей
Якімовіч
Супердзяўчынка
Прыгожыя
ножкі,
Прывабная спінка.
Даўно падабаешся,
Супердзяўчынка.
Да мяне, каханая,
Гнешся, як лазінка.
Горача цалуешся,
Супердзяўчынка.
Ад вачэй схавала нас
Вербачка-галінка.
Як у дзіўным храме мы,
Супердзяўчынка.
Прабегла хвілінка,
Мінула гадзінка.
Я цябе не адпушчу,
Супердзяўчынка.
Цябе называю
Мая палавінка.
Парадніліся з табою,
Супердзяўчынка.
За горачкай рэчка,
За рэчкай нізінка.
Там мы пагуляем,
Супердзяўчынка.
Завяду цябе туды,
Дзе расце малінка.
Назбіраем ягадкаў,
Супердзяўчынка.
На шчаку не скоціцца
Ні адна слязінка.
Буду берагчы цябе,
Супердзяўчынка.
Светлая здалёку,
Як уначы іскрынка.
Радуй дабрынёю,
Супердзяўчынка.
Цудоўныя ножкі,
Цудоўная спінка.
Гэта пра цябе,
Супердзяўчынка
2023 год
Комментарии
Отправить комментарий