Вершы з філасофіяй. Пра сябе.
Вершы
з філасофіяй. Пра сябе.
Аляксей Якімовіч
Пра
сябе
Я бываю ўпарты,
Я бываю злосны,
Я бываю, кажуць,
Проста невыносны.
Еду, еду, еду…
На калдобінах трасе.
Куды конь гарачы
Мяне занясе?
Не нясі далёка:
Тут мая Радзіма.
Тут, мой конь гарачы,
Уся мая радзіна.
Хтосьці ўжо пакінуў
Родныя палеткі.
На Дзяды прыношу
Ім жывыя кветкі.
Гутару я з імі,
Думкамі дзялюся.
Іншы раз здаецца:
Да пляча тулюся.
Тут стаіць калодзеж
З гаючаю вадзіцай.
Шкадаваў у спёку,
Запрашаў напіцца.
Градкі паліваў ён
Мамінай рукою.
Вось каб мне прайсціся
Цяпер разам з ёю!
Праз лужок зялёны
Рэчка бяжыць, уецца.
Сонца выглянула з лесу,
Убачыўшы, смяецца.
У кустах лазовых
Дрозд свішча, спявае.
-- А Радзіма, -- кажу маме, --
Заўжды маладая.
Няроўная дарога.
Конь бяжыць імкліва.
Вочы затуляе
Яму густая грыва.
Я бываю добры,
Ласкавы, адданы.
Краем беларускім
Я зачараваны.
2024 год
Аляксей Якімовіч
Я арол
Я арол. Я ўжо лятаю.
Два крыла ёсць у мяне.
У небе хмаркі праплываюць.
Плыву з імі нараўне.
Грудзьмі рэжу я паветра,
Як хвалі рэжуць караблі.
Сілу, гонар і імкненне
Арлы даўнія далі.
Хоць гады нас аддаляюць,
Помнім мы іх галасы.
Вузлом моцным нас звязалі
Славы нашай паясы.
Над гарамі пралятаю,
Выбіраю сабе шлях.
Да здзяйснення набліжае
Мяне кожны крылаў узмах.
Змеі пругкія, што джаляць,
Лезуць у шчыліны хутчэй.
З вышыні гляджу і бачу.
Іскры сыплюцца з вачэй.
Як маланкі-бліскавіцы,
Выгінаюцца дугою.
Калі ўніз цяпер спушчуся,
У бой не ўступіце са мною.
Кіпцюры мае стальныя
Сонца промнем натачыла.
Мая мамачка-арліца
Рана ўстаўшы, папрасіла.
Калі дзюбу адкрываю,
Як грымота, крык дрыжыць.
Усё жывое адчувае:
Арол вылецеў, ляціць.
Пада мной лясы густыя,
Кветкі на лугах цвітуць.
Па сцяжынках і дарогах
Людзі з клункамі ідуць.
Разыходзяцца дарогі,
Вядуць у вёскі, у гарады.
Я лячу. Я сілу маю,
Не старэю, малады.
Першы раз узляцець баяўся.
У гняздзе доўга сядзеў.
Потым, крылы распраміўшы,
Стаў на край і паляцеў.
2024 год
Аляксей Якімовіч
Востраў
Я на гэтым свеце востраў,
Я не мацярык.
Жыць у адзіноце
Ўжо даўно прывык.
Карэнні вузлаватыя
На нагах трымаюць,
Вогненныя стужкі
Маланкі заплятаюць.
Іншы раз русалка
На пене праляціць.
Зіма ў грудзях пануе.
Струна не зазвініць.
Хвалі узнімаюцца,
Бераг падмываюць,
Кроплямі салёнымі
Вочы выядаюць.
Соль трапляе ў раны,
Каб да крыві дастаць.
Белыя крышталікі
На сонцы зіхацяць.
Залячу я раны
І стану скалою:
Велічнай, высокай,
Цвёрдаю, стальною.
Акіян глыбокі
Ляжыць, як акула.
З суседняга вострава,
Здаецца, падзьмула.
Даляцела музыка,
Чую смех жаночы.
Як мага ўзіраюся,
Расплюшчваю вочы.
Сонца прама свеціць,
Глядзець не дазваляе.
Яно сёння ад мяне
Праўдачку хавае.
Яна растрывожыць.
Думкі набягуць,
Маю моц, трываласць
У мяне адбяруць.
Праўда непадкупная,
Як град, сячэ у твар.
Яна не выбірае:
Ці бядняк, ці цар.
Бубен гулка б’е,
Скрыпка выцінае,
Смех грэшны, жаночы
Вабіць, падклікае.
Цябе не асуджаю,
Брат скалісты мой.
Доўга ты трымаўся,
Бярог гонар свой.
Ты не раб майго жадання.
Жыві не па прымусу.
Не кожны можа адагнаць
Бліскучую спакусу.
Мы не правяраем.
Правярае час.
Ціхенька ступаючы,
Крадзецца ён да нас.
Я буду трымацца.
Я буду скалою
Велічнай, высокай,
Цвёрдаю, стальною.
Ля мяне, бывае,
Судны праплываюць.
Людзі ў акіян
Сетку апускаюць.
Калі раптам судна
На шчэпкі разнясе,
Дам прытулак тым,
Каго прынясе.
2024 год
Аляксей Якімовіч
Скрыпка Паэта
Анёлы –
вучні Бога –
Паэту скрыпку падарылі,
Агнём ад бліскавіцы,
Каб не старэла, асвяцілі.
Іграй, Паэт,
Будзі сваё натхненне.
Час не стаіць.
Час для жыцця – імгненне.
Плыве рака,
І воблакі над ёю.
Купаліся ў вадзе,
Памыліся расою.
Плывуць, нібы асілкі.
Захочуць – дажджом пральюцца.
Заскачуць па зямлі дажджынкі
І ў ручаёк збяруцца.
Не рвіце струны
На скрыпачцы Паэта.
Паэт іграе.
Плыве у кветках лета.
Хлапчук, маленькі, як грыбок,
За мамаю бяжыць, каб не адстаць.
Яму, напэўна, за руку
Матулю хочацца узяць.
Свет дзіўнаваты.
Яшчэ не вывучыў яго хлапчук.
Абцасіка, як уначы:
Тук-тук, тук-тук…
Паэт іграе, стараецца
Натхненне людзям перадаць.
Анёлы сочаць,
З вышыні уважліва глядзяць.
Плыве цяпло,
Плыве каханне.
Плыве жыццё,
Нясе жаданне.
Гаворыць скрыпачка,
Расказвае.
Як добры лекар,
Вузлы развязвае.
Не рвіце струны ні бомбай,
Ні словам азвярэлым.
Анёлы скрыпачку даюць
Дастойным, смелым.
Свет дзіўнаваты.
Святла бракуе.
Іграй, Паэт.
Нехта пачуе.
2025 год
Комментарии
Отправить комментарий